Старонкі біяграфіі Яўгеніі Янішчыц

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 12 Сентября 2014 в 19:21, реферат

Краткое описание

Паэтэса Яўгенія Янішчыц належыць да першага пасляваеннага пакалення. Яна нарадзілася ў 1948 годзе ў невялічкай палескай вёсачцы Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Паэтычны дэбют Яўгеніі Янішчыц адбыўся рана.У шаснаццацігадовым узросце яна апублікавала свой першы верш “Зоры над Пінаю”. Пасля заканчэння сярэдняй школы Яўгенія Янішчыц паступае на філалагічны факультэт БДУ.

Прикрепленные файлы: 1 файл

Старонкі біяграфіі Яўгеніі Янішчыц.docx

— 47.12 Кб (Скачать документ)

Вёска для Я. Янішчыц - гэта найперш тутэйшыя людзі. Вось чаму героямі яе вершаў, як правіла, з'яўляюцца простыя вяскоўцы - суседзі, сваякі, часам проста знаёмыя. Уражвае ў гэтым плане верш “Апавяданне пра жытнёвы сноп”. У ім зліліся ў адно цэлае і глыбіня думкі, і адчуванне паэткай сваіх каранёў, і вялікая адданасць роднай зямлі, і тонкае пранікненне ў душу народа. Жытнёвы снапок, які звязала на шчасце цётка Ліда Саўчукова, Яўгенія беражліва прывезла ў сталіцу, у сваю гарадскую кватэру. Ён стаў для яе сонечным промнем, ахоўнікам ад бяды і ўсіх няшчасцяў, крыніцай натхнення:

Цётка Ліда Саўчукова,

Твой дасціпны жарт нашу

І - калі шукаю слова,

І - калі яго пішу.

І калі ў жыццёвай прозе

Апускаю рукі ніц, -

Голас твой, нібы калоссе,

Над сталом маім звініць. [13, 68]

 

Яўгенія Янішчыц захапляеца ўнутранай цэласнасцю, духоўным багаццем вясковых людзей. Паэтка ўслаўляе іх працавітасць, прыродную таленавітасць, жыццёвую моц, бескарыслівасць, мудрасць дабрыню і іншыя лепшыя чалавечыя якасці. Яна бачыць у звычайных вяскоўцах паэтаў, інтэлігентаў, святых людзей.

Вершы Яўгеніі Янішчыц перапоўнены людскімі галасамі, іх нялёгкімі лёсамі. Так вершы “Майская балада”, “Балада вернасці”, “Сустрэча на пераправе”, “Мама Марыя” (кніга “Ясельда”); “Дзед Сымон”, “Цётка Матрона”, “Марыся” (кніга “На беразе пляча”) - сюжэтныя, аб'ектывізаваныя. Іх героі - людзі, чыё жыццё апаліла вайна, якая пазабірала дзяцей, бацькоў, мужоў і сталася назаўсёды балючай ранай.

Цярпліва дажывае век адзінокая бабуля, якая страціла сына яшчэ ў сорак трэцім (“Майская балада”). Пякучым болем адклікаюцца згадкі далёкіх гадоў у сэрцы “мамы Марыі”: самой дзевятнаццаць, галодныя вочы дзетак, у хаце - ні малака, ні скарынкі чорнага хлеба (“Адну калыханку забрала рака. // Другую - высокае хмарнае неба”. ). Так, вайна скалечыла лёс дзеда Цішы, адабрала ў яго памяць, але паэтка верыць у гэтага чалавека, давярае яму і не памыляецца:

Як вецер хвалі раскалыша,

І з вока выцісне слязу,

- Трымайся! - мне гаворыць  Ціша, -

Не бойся, - сам цябе вязу.

Адзінота ў нейкай меры кампенсуецца блізкасцю да прыроды. Не выпадкова ж для бабулькі з “Майскай балады” - “І сын - у садзе салавей”.

Абагульнены вобраз землякоў створаны ў “Баладзе вернасці”. Паэтка ўзрушана, захоплена і адначасна здзіўлена іх дабрынёй, сардэчнымі адносінамі да ўсіх людзей, у тым ліку да сябе:

 

… А вы адкуль з такою дабрынёй

І да мяне, і да майго малога?

Лаўлю ласкавы поціск вашых рук,

Што загрубелі ад работы трошкі.

А ці вядома пачуццё разлук

Вам, неразлучным, аж да самай дошкі?

Адкуль у вас пагэтулькі святла?...

Ды схамянуся, тут не трэба словы.

Ў маім сяле яшчэ на паўсяла

Жывуць з вайной заручаныя ўдовы.

І па начах яшчэ ім страшна спаць,

Гартаць жыцця пражытага старонкі.

І незваротным промнем зіхацяць.

На пальцах скамянелыя пярсцёнкі. [13, 13]

Скамянелае з гадоў вайны зіхаценне пярсцёнкаў - дакладная вобразна-асацыятыўная формула гаротнай долі ўдоў, салдатак, чые душы, аднак, не зачарсцвелі ад адзіноты. Шчодрыя на дабрату і спагаду, яны перажываюць чужое гора, як сваё ўласнае.

Глыбокае пранікненне ў душу народа, пранізлівае адчуванне яго як сябе, пранікненне ва ўнутранае “Я” чалавека дазваляе паэтэсе стварыць шэраг псіхалагічна праўдзівых вобразаў людзей вёскі, моцных сваёй грамадзянскай пазіцыяй, сваёй высокай духоўнасцю, любоўю да бліжняга, да Радзімы, - у кожным вершы кнігі “Ясельда”. Чуццём мастака, сваім багатым паэтычным дарам яна раскрывала душу чалавека, паказваючы сілу і веліч простага чалавека.

Невялікі па размеру верш “Сінін” валодае вялікай эмацыянальнай сілай уздзеяння на душу, ён як быццам папярэджвае: людзі, беражыце мір! Беражыце тое, што маецца! Гэта баладны, можна сказаць, верш, дзе спакой, дабрабыт жыцця вёскі замешаны на трывозе паэтэсы, на яе асабістай перасцярозе, каб мы былі заўсёды пільнымі ( ах, як актуальна сёння гэтае: “…Не прывядзі разбіць мне сэрца аб немату тваю, Сінін!” [13 17]).

Аб'ектамі зацікаўленнасці ў знешнім свеце для Яўгеніі Янішчыц выступаюць чалавек, асоба, людзі. Яе вельмі цікавяць людскія лёсы і характары, канкрэтныя сітуацыі быцця і праяўленне ў іх прывабна-чалавечых рысаў. І на гэтым шляху выявілася арганічная адзнака таленту Янішчыц - дакладна, падрабязна, амаль дакументальна, ствараць гісторыю жыцця вяскоўцаў, родных і блізкіх ёй людзей. Да людзей ідзе паэтэса ў хвіліны радасці і адчаю, і менавіта вершы - прысвячэнні вяскоўцам - выклікаюць самыя прасветлена-чыстыя, сардэчныя водгукі. Нязломнай сіле чалавечага духу прысвечаны цыкл вершаў у зборніку “На беразе пляча”: “Марыся”, “Нянечка Міла”, “Ода кладцы”, Дзед Сымон”, “Сустрэча на пераправе” і іншыя.

Верш “Помню, помню праз гады…” змешчаны ў зборніку “На беразе пляча” з сімвалічнай, метафарычнай назвай: хіба можы быць бераг у пляча? Ён жа бывае ў рэчкі, у возера, у мора. У зборніку на першы план выходзіць грамадзянская тэма. Пра лёс маці, якая дыхала вольнымі грудзьмі толькі тады, калі вярталася з поля і вучыла дачушку не баяцца пожні, зямлі, хадзіць па ёй басанож (“Мама”). Пра Ягадны хутар, дзе жыў і “за кожнае дрэва, /Як за ўнукаў, хварэў” дзядзька Арцём. Пра Любоў, неад'емную ад Радзімы. Як у радках з верша “Свет адкрыты і босы…”

У гэтым вершы ўсё проста, лаканічна, глыбінна, як і ў фальклоры, як у песні пра высакародны, спрадвеку ўстаноўлены лад жыцця.Характарыстыка роднага краю створана невыпадковымі, шматзначнымі эпітэтамі - адкрыты і босы, шырокі і прасторны, босы - просты, першазданны. Карціна краю дапаўняецца згадваннем песні, яе вобразамі - невысокага ляску, партрэтам дзяўчыны з паяском - сімвалам будучай дарогі, сцяжынкі з бацькавай хаты да дому каханага, да невядомага лёсу.

Твор “Помню, помню праз гады…” напісаны пад уражаннем пачутай песні, радкі з якой цытуюцца ў ім даслоўна: “Выпі, золатца, вады, / Сэрца супакоіцца”. Гераіня твора (яна ж аўтарка) згадвае, як некалі яе, самотную, растрывожаную, суцяшалі гэтыя песенныя словы, і гэты свой асабісты вопыт хоча скарыстаць, суцяшаючы “ў горы сябра-сокала”. Можна зрабіць вывад, што асноўная ідэя твора заключаецца ў сцвярджэнні магчымасці пераадолення смутку, гора і нягод крынічнай вадой і песняй.

Значную ролю ў вершы адыгрывае вобраз-дэталь “спеўная ваколіца”. За гэтым вобразам - характарыстыка роднага краю, роднай вёскі, улюбёнасць у вясковы лад жыцця, звычкі, глыбокае веданне народнай псіхалогіі, скарбаў беларускай мовы. Вобраз ваколіцы ў вершы - вобраз Беларусі - краіны, падобнай на светлую, чыстую крыніцу з гаючай вадой. Лаканічна і проста, засяроджана і светла сказала паэтка пра сябе ў вершы: адзначыла свой ўзрост, акрэсліла такія рысы характару, як летуценнасць, міласэрнасць, памятлівасць. І гэта ўсё некалькімі радкамі: “Помню, помню праз гады”, “Трыццаць вёснаў за спіной, / А ці ўсе спакойныя?”, “Мне дарогі не пытаць”.

Верш літаральна прасякнуты промнямі дабрыні, святла, замілавання.

Дакладнымі партрэтамі, нетаропкім палескім гаварком, прыгожымі краявідамі родных мясцін напоўнена паэма “Ягадны хутар”. Напісана яна ў форме лістоў ад маці, ад дзядзькі Арцёма, ад стрыечнага брата. Да гэтых лістоў дадаецца паэтычны каментар Яўгеніі Янішчыц. З твора мы даведваемся пра штодзённае жыццё вяскоўцаў, іх клопаты і трывогі. . Так, у адным з лістоў дзядзька Арцём паведамляе, што “ваюе з лесам. Не з лесам - хутчэй з людзьмі. Бадай яго, з тым прагрэсам! Сякуць і сякуць… Каб мог - засланіў бы грудзьмі. Адзін маладняк амаль што, а дрэвы не хутка растуць…”. [17,115]. У лістах ад мамы найперш адчуваецца яе трывога за дачушку: “Прашу, болей глядзі за сабою. Ведаю, адзінота - яна гняце. Назбірала табе дзівасілу і зверабою, а то свецішся ўся, як абраз у куце. Думай ўсё ж за сабою найперша, глядзі на свет гэты больш весялей. Халера пабрала б гэтыя вершы, без іх мо была б у жыцці шчаслівей. Мо я й не тое табе парадзіла, табе, канешне ж, лепей відаць…”

У гэтай паэме адчуваецца найбольшая згарманізаванасць думак і пачуццяў, душы чалавека і навакольнага асяродку, а яшчэ тут выразна выяўлена сувязь з фальклорам. У размовах з вяскоўцамі чуецца і вострае, дасціпнае слоўца, і гарэзная прыпеўка, тут паяднаныя гумар, усмешка, смех праз слёзы і сапраўдная жальба, галашэнне з прычыны смерці дзядзькі Арцёма, нястомнага працаўніка, сумленнага абаронцы лесу, жывой і нежывой прыроды.

Адчай і адзінота гоняць у дождж на прыветны агеньчык у знаёмым акне гераіню паэмы “Акно ў дождж”. Сямейная ўладкаванасць быту каханага, недарэчнасць з'яўлення ў яго доме яшчэ больш абвастраюць пакуты. У нялёгкіх драматычных абставінах сталеюць пачуцці, выразна выяўляецца сапраўдны душэўны разлад.

У лепшых узорах лірыкі Яўгеніі Янішчыц усё дасканала зладжана, вылеплена умелым майстрам. Радкі яе вершаў жывуць і дыхаюць як цэласнае адзінства. Тут не патрэбны нейкія знешнія ўпрыгожванні, бо думкі і пачуцці спаяны сапраўднай творчай энергіяй. Яшчэ ў кнізе “На беразе пляча” змешчаны вершы “Падставіць голасу лісток…” і “Паэтэса”, якія сталі ўзорамі медытатыўнай лірыкі, дзе на падставе грунтоўных разважанняў робяцца адэкватныя пераканальныя высновы: “Дзяўчынцы хочацца ў паэты, // Што ў катаржанкі, - дзе ж ёй знаць?!”

Яўгенія Янішчыц натуральна, без штучнага пафасу апаэтызавала родны палескі край, яго прыроду, раскрыла натурфіласофію побыту палешукоў, духоўную сутнасць і маральныя ідэалы людзей старэйшага пакалення.

4. Зборнікі вершаў “Пара любові і жалю”, “Каліна зімы”

Пра лірыку Яўгеніі Янішчыц гаварыць няпроста, бо кожны радок і кожны верш настолькі арганічна знітаваны, што амаль немагчыма вылучыць нешта для аналізу, каб не парушыць цэласнасць светаўспрымання. Асабліва ярка праявілася сталае майстэрства ў кнігах “Пара любові і жалю”(1983) і “Каліна зімы” (1987). Для сталай лірыкі характэрна медытацыя, філасофскі роздум над праблемамі жыцця і смерці, часу і прастору, імгнення і вечнасці. Мастацкай выявай стану душы лірычнай гераіні бачыцца дыялектычная ўзаемазалежнасць такіх філасофскіх і адначасна эмацыянальных катэгорый, як любоў і боль, шчасце і адчай, радасць і журба, святло і цемра.

У зборніках “Пара любові і жалю”, “Каліна зімы” пабольшала грамадзянскага пафасу, паэтка ўзнялася на яшчэ большую вышыню і вастрыню адчування болю асабістага, сямейнага і агульналюдскога, агульначалавечага. Лірыка Янішчыц становіцца трагедыйнай па сваім пафасе ў цэлым, а элегія суму, смутку і жалю ператвараецца часцей і часцей у элегію болю. Не выпадковыя ў сувязі з выказанай тэмай і назвы зборнікаў, у якіх паяднаныя любоў і жаль, а каліна паўстала перад намі сярод зімовай сцюжы і выжывае насуперак ёй.

У апошніх кнігах узрастае майстэрства паэтэсы ва ўжыванні фальклорнага матэрыялу: творы набываюць суплетыўную непадзельнасць, элементы фальклору пранікаюць ў этнаграфічны малюнак і наадварот, і за кошт гэтага логіка-тэкстаўтваральныя магчымасці літаратурнага твора пашыраюцца. Унутранае адчуванне прыгажосці народнага песеннага слова ў яе ідзе ад глыбокага пранікнення ў дух народных традыцый, і гэта не дазваляе ствараць мешаніну ў творы, так званы гібрыд: “Слоў не трэба. Варажба…”, “Палессе”, “Мамчына сіла”, “Як за дажджамі частымі--рабымі…”, “З дарагой душы”, “Над перакатнай рэчкаю” і іншыя, - усе пералічаныя вершы змешчаны ў кнізе “Пара любові і жалю”.

У зборніку “Пара любові і жалю” сапраўды многа жалю. Шмат прадбачанняў-прадказанняў свайго лёсу.

Вось на парог радзімы павярнуся:

Шчыруе мама. Бульбачка кіпіць.

Ды ведаю - на песні захліпнуся.

І знаю: долі мне не абхітрыць.

 

Абсалютная большасць вершаў з гэтай кнігі ўяўляюць сабой унутраныя маналогі растрывожанай душы. Не выключэнне - верш “Сынок і маці”:

Пакуль яшчэ зялёная зямля

Трымае нас па міласці закона,

Сынок і Маці - зерне і ралля,

Сынок і Маці - мудрая ікона.

І спеюць хай удзячныя гады,

Бяжыць удаль дарога палявая.

Ён для яе маленькі назаўжды,

Нявопытны, пакуль яна жывая.

Крывавы час, адкінь свой грозны меч,

Прыслухайся да сцішанага слова.

З кароткіх, як само жыццё сустрэч

Саткана іх нявечная размова. [15, 51]

Менавіта лагодным словам “сынок”, а не нейтральным “сын” звярталася да сваёй крывінкі і да ўсяго чалавецтва Жанчына, Паэтка, Маці. І высветліліся побач з гэтым словам і вызначальныя словы-вобразы, словы-сімвалы: зямля -маці - зерне - ралля - дарога - час - грозны меч - слова. Слова-вобраз “сынок” упісана ў кантэкст універсальных каштоўнасцей, неад'емных адна ад адной, вызначальных для чалавецтва, жыцця ўвогуле, якое нараджаецца на зямлі, нібы зерне, прарастае на раллі, выношваецца пад сэрцам матулі, як сыночак, мае кароткі, а дзякуючы перадачы эстафеты з рук у рукі і вечны часавы працяг і не менш вечнае занатаванне словамі ў слове. Заканчваецца верш заклікам ад імя даравальніцы жыцця, маці, да часу: не спыняць, не знішчаць яго крывавым мячом.

Жывучы даволі працяглы час у беларускай сталіцы і атрымаўшы тут шырокае прызнанне як паэтэса, Яўгенія Янішчыц душэўна адчувала сябе няўтульна ў гарадскім асяроддзі. Пра гэта яна пісала і ў сяброўскіх лістах, і ў вершах, якія уключала ў свае кніжкі (напрыклад, “Госць”, “Праклінаем долю неба” са зборніка “Пара любові і жалю”), і асабліва рэзка ў творах апошніх гадоў. Так, у вершы “Я гляджу, як будуецца горад” паэтэса з жалем заўважае, што дзеля новых бетонных будынкаў няшчадна вынішчаецца шмат гашых зялёных сяброў, якія ўпрыгожвалі наваколле. Факт для гарадской штодзённасці да банальнага звычайны. Але ён выклікае ў паэтэсы вельмі вострую эмацыянальную рэакцыю:

Дзе вы, мілыя дрэвы ўчарашнія:

Арабіна, бярозанька, клён

Ноччу я прачынаюся. Страшна,

Бы сама ўрастаю ў бетон.

Горад моцна ціснуў на псіхіку шчырай летуценіцы, ён аказваў на яе адмоўнае псіхалагічнае ўздзеянне сваім бетонным холадам і чалавечай адчужанасцю. Дзівіцца ўсяму гэтаму асабліва не выпадае, бо не горад, а вёска была галоўнай крыніцай паэтычнага натхнення Яўгеніі Янішчыц. Адтуль ішлі глыбінныя вытокі яе паэзіі, там былі вызначальныя асновы яе духоўнага свету, усяго душэўнага, чалавечага вопыту.

Сваю паэзію паэтка не ўяўляла адарванай, безадноснай да сучаснага жыцця, людскіх радасцяў і трывог, рэальных праблем часу, таму і жыла думкай народнай. Яна прытрымлівалася традыцыйнага, але эстэтычна жыццёвага і асновасутнаснага погляду на паэта, абавязак якога - даражыць бацькоўскай зямлёй і быць спалучаным з народным лёсам:

Информация о работе Старонкі біяграфіі Яўгеніі Янішчыц