Эліза Ажэшка і Беларусь

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 23 Мая 2013 в 01:12, реферат

Краткое описание

На адной з цэнтральных вуліц Горадні ўзвышаецца помнік нашай выдатнай пісьменніцы Элізе Ажэшцы. Зусім невыпадкова знайшла яна тут вечную прапіску. Усё жыццё «каралевы польскай прозы і пакутлівай праўды» (Францішак Багушэвіч) было звязана з гэтым старажытным беларускім горадам і яго блізкімі і далёкімі ваколіцамі.
На працягу стагоддзяў Горадню насялялі людзі розных нацыянальнасцяў і канфесій - беларусы, палякі, жыды, татары. Былі і расейцы, але пераважна настаўнікі, чыноўнікі, пачынаючы ад самога генерал-губернатара і заканчваючы паліцэйскім на скрыжаванні. У гэтым асяроддзі пісьменніца знаходзіла невычэрпную крыніцу сваёй творчасці, тут падгледжвала яна рэальныя сюжэты для апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Родная беларуская зямля шчодра дарыла ёй радасць і пакуты, суцяшала яе веліччу наднёманскай прыроды, а мужны і цярплівы народ вучыў яе непакоры.

Прикрепленные файлы: 1 файл

Элиза Ажэшка.docx

— 47.33 Кб (Скачать документ)

Аптымістычным эпілогам, скіраваным у будучыню, заканчваецца аповесць. Прайшлі гады, Франкі даўно  няма. Яе сына выхоўвае Павел: зімовымі вечарамі, калі за акном вые завіруха, ён вучыць хлопчыка грамаце - па малітоўніку і буквары, іншых кніжак у вёсцы не было. Улетку «яшчэ і цяпер можна бачыць таго наднёманскага рыбака, як ён плыве па срэбнай рацэ ранкам насустрач ружоваму світанню... З ім часта едзе дзіця, хлопчык гадоў дзесяці, з доўгімі льнянымі валасамі і вялікімі чорнымі вачыма... Адразу відаць, што паміж імі пануе поўная згода, што ім разам добра».

У маральна здаровым асяроддзі  фармуецца сын Франкі, яго маленства  пазбаўлена ўсяго разбэшчанага, што  калечыць чалавечую асобу. Для пісьменніцы  важна было знайсці ў сваім  героі сапраўды чалавечае, прыгожае, што яднае яго з лёсам народа. У гэтай пастаяннай сувязі асобы  і народа - характэрная рыса эпічнай  манеры пісьменніцы.

Да аповесцяў беларускай нізкі тэматычна далучаюцца апавяданні «Раманіха», «На следстве», «Рэха». Дзецям, пазбаўленым маленства ў  прыгоннай вёсцы, прысвечана адно з  лепшых і журботных апавяданняў  «Тадэвуш» (1884). Вялікай папулярнасцю карысталася апавяданне «Зімовым вечарам» (1887), перастворанае па-беларуску  В.Ластоўскім. Як драматычны твор пад  назвай «Рысь», яно з поспехам ставілася  ў вандроўным тэатры І.Буйніцкага. Апавяданне нібы працягвала тэму аповесцяў. Яго  нескладаны сюжэт: на вясковай вечарыне з'яўляецца ўцякач з катаргі Бонк. Сялянскага сына, народжанага для  подзвігу і дабра, грамадства штурхнула  на дно жыцця.

Э.Ажэшка сур'ёзна займалася  вывучэннем фальклору і этнаграфіі беларусаў. У польскім навукова-этнаграфічным  часопісе «Вісла» (рэдактар Ян Карловіч) яна апублікавала паэтычныя нарысы «Людзі і кветкі над Нёманам» (1888-1892), у якіх глыбока даследавала народны  светапогляд, нацыянальны характар і культуру беларусаў.

Нарысы надзвычай багатыя  зместам: гэта і псіхалагічны партрэт  беларуса, і запісы песень, прымавак, казак і імкненне паказаць, як беларусы стварылі своеасаблівы прававы і  этычны кодэкс, сваю філасофію дабра  і зла, як узніклі іх язычніцкія ўяўленні пра сілы прыроды. Бясспрэчнымі доказамі розуму і пачуцця прыгожага ў  беларусаў служаць лірычная народная песня, балада, паэтычныя назвы раслін, народная медыцына. Пісьменніца палемізавала з афіцыйнай думкай, згодна з якой беларуса выстаўлялі страшэнна абмежаванай  істотай: «Гэтай думцы без сумнення супярэчыць таксама і веданне  народам расліннага свету, настолькі  дакладнае, што смела можна сцвярджаць: ад самага высокага дрэва да найдрабнейшай  травінкі, якія растуць на той жа самай зямлі, што і ён, няма такой  расліны, якая ў яго мове не мела б свае назвы, а ўжо ў саміх  гэтых назвах выяўляецца назіральнасць, выказаная жывапісна і паэтычна, часам грубавата, але затое дакладна».

Падарожнічаючы па Гарадзеншчыне, Эліза Ажэшка сабрала 228 назваў раслін - лекавых і прысушлівых, вядомых  і малараспаўсюджаных. Усім беларускім назвам траў яна дала лацінскія адпаведнікі  пры дапамозе знаёмага батаніка. Наколькі пісьменніца была блізкая да жыцця  народа і глыбока яго вывучала, сведчыць хоць бы той факт, што збірала  яна свой гербарый пад кіраўніцтвам вясковых жанчын, у прыватнасці лекаркі  Люці з Глядовіч. Дарэчы, назваў многіх раслін і траў не было нават у  беларускім слоўніку І.Насовіча. Між  тым яны шырока вядомыя ў народзе, за імі трывала замацаваліся назвы - загартушка, парушэнец і інш. Такім  чынам, крыніцу развіцця і ўзбагачэння  беларускай літаратурнай мовы Эліза  Ажэшка бачыла ў жывой народнай мове.

Сэнс і значэнне нарысаў  можна вызначыць словамі самой  Э.Ажэшкі: «Мы павінны сумленна працаваць  і, наколькі гэта магчыма, сумесна, каб  праўдзіва паказаць і правільна  ацаніць гэты асноўны грамадскі  клас і гэтыя мільёны чалавечых  істот, якія называюцца вясковым людам» («Wisla», t.IV, s.31).

У гарадзенскім доме пісьменніцы  ўсё часцей з'яўляўся Францішак  Багушэвіч - не проста як добры сябра, але перадусім як «паэт-юрыст» (так  называла яго пасля смерці польская крытыка). Можна смела сцвярджаць, што пісьменніца адна з першых ацаніла грамадзянскі подзвіг і  значнасць таленту Ф.Багушэвіча, была першым крытыкам і папулярызатарам  яго вершаў сярод сялян, а таксама  сярод шматлікіх сваіх добрых сяброў і знаёмых. «Быў у мяне нядаўна  пан Багушэвіч, - паведамляла яна  Яну Карловічу, - і чытаў мне  казку - доўгую, поўную фантазіі, цудоўную, якую напісаў па-беларуску. Гэта прыгожы талент. Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на мой погляд, выдатныя. Трэба было б, усімі сіламі заклікаць яго да працы ў гэтым напрамку» (ліст ад 22 лютага 1888 года).

Творчыя сувязі Элізы Ажэшкі і Францішка Багушэвіча працягваліся і ў 90-я гады, калі беларускі паэт стаў шырока вядомы як аўтар вершаваных зборнікаў «Дудка беларуская» (1891) і  «Смык беларускі» (1894). Ён разам з  польскімі літаратарамі ўдзельнічаў  у юбілейнай урачыстасці 9 лютага 1892 года з выпадку 25-годдзя літаратурнай дзейнасці пісьменніцы, якая была сарвана  царскімі ўладамі ў Варшаве і  шырока адзначалася ў Горадні. Іхняе  сяброўства і творчая ўзаемадапамога з'явіліся неацэнным укладам у  падмурак нашай культуры.

Пасля выхаду ў канцы 80-х  гадоў рамана «Над Нёманам», які  быў вяршыняй творчых дасягненняў  Элізы Ажэшкі, і беларускіх нарысаў  пісьменніца стварыла яшчэ шэраг  твораў, залічаных крытыкамі да безумоўных літаратурных здабыткаў. Але не ўсё  было раўназначнае ў яе творчай спадчыне. Пачынаючы з 90-х гадоў, калі на арэну  гісторыі пачалі выходзіць новыя  грамадскія сілы і ўзнікалі новыя  літаратурныя плыні, у творчасці  пісьменніцы працягвала адчувацца  цікавасць да пытанняў духоўнага  перараджэння чалавека, паэтызацыя вясковага  жыцця і прыроды (раманы «Два полюсы», «Аўстральчык»). Новыя грамадскія падзеі не заўсёды выклікалі ў яе адгалосак, чытач больш прыслухоўваўся да голасу С.Жэромскага, У.Оркана, У.Рэйманта. Але  ў гэтым моцным мужчынскім хоры быў  чуваць і яе голас.

Безумоўную цікавасць  для айчыннага чытача ўяўляе і  эпісталярый Э.Ажэшкі. Трыста старонак мастацкай прозы (а менавіта так  мы схільныя разглядаць лісты пісьменніцы) адрасаваны ў беларускае Флар'янова, наднёманскі маёнтак Тадэвуша Бохвіца. Гаспадар маёнтка, унук вядомага філосафа-мараліста  Фларыяна Бохвіца, прыстойны і добра  выхаваны, уяўляў з сябе летуценніка  той пары, калі пад націскам капіталістычнай  эканомікі затрашчалі «вішнёвыя  сады». У летнія месяцы ён вымушаны быў засяліць флар'яноўскі двор дачнікамі  з розных канцоў Беларусі і Польшчы. Не вельмі прыстасаваны да жыцця, пакінуў  галоўнае кіраванне домам у руках  жонкі, а сам «ахвотна ўцякаў да сваіх  папер».

У Флар'янова завітала ўлетку 1908 года і Эліза Ажэшка, бо гэтая мясціна ў пэўнай меры адпавядала яе запатрабаванням. Сярод шматлікіх  у гэтых месцах маёнткаў Флар'янова  вылучалася высокім узроўнем духоўнай культуры, моцнымі традыцыямі асветніцтва, трываласцю нацыянальна-вызваленчых  і патрыятычных ідэалаў. Не апошнюю  ролю ў флар'яноўскай гаспадарцы адыгрываў  вялізны маляўнічы сад у суседстве  з рэчкай Ведзьмай і купальняй.

Так апошнія два гады жыцця пісьменніцы былі азораны  сяброўствам з панам Тадэвушам. Яно было - як ачышчальная навальніца ў скрушлівым адзінокім жыцці  стомленай і ўжо хворай Элізы  Ажэшкі, якая штодня пісала да яго лісты. Ліставанне пачалося з першага дня  іх сустрэчы і пазней склала цэлую  кнігу. Прачытаўшы гэтую кнігу, Яраслаў  Івашкевіч назваў яе «сенсацыйнай, незвычайнай», тым больш, што адрасат  быў гадоў на дваццаць маладзейшы ад аўтаркі лістоў.

Яны з самага пачатку  мелі спавядальны тон, набывалі характар дзённіка, сталі «гісторыяй душы». Лістоў пана Тадэвуша не захавалася, аднак  не даводзіцца сумнявацца, што літаратурнае партнёрства было няроўным і двухгадовая  перапіска патрабавала ад яго  вялікіх намаганняў.

Важнай падзеяй для  пані Элізы была паездка ў Ракаў  да братоў Здзяхоўскіх. На адзін дзень  яна затрымалася ў Менску, дзе  яе цёпла віталі. Аднак самым моцным уражаннем ад паездкі застаўся ўсё  ж Ракаў, які пісьменніца назвала  «літоўскімі Афінамі».

З нецярплівасцю чакала Эліза Ажэшка другога флар'яноўскага  лета. Дзякуючы ёй у беларускім маёнтку  сабраліся славутасці - празаік, аўтар  «Мужыкоў» і «Зямлі запаветнай»  Уладзіслаў Рэймант, прафесар Варшаўскага  універсітэта доктар Генрык Нусбаўм, тэатральны дзеяч і крытык Юзаф Катарбінскі, піяністка пані Асяцімская, будучы вядомы артыст Страхоцкі...

Неўзабаве ўсе запрошаныя знайшлі сабе занятак па душы, быў  створаны «флар'яноўскі тэатрык», які  амаль кожны вечар чакаў гледачоў. На адным з гэтых літаратурных спектакляў пані Эліза і Катарбінскі  прачыталі «Псалом добрай волі»  З.Красінскага ў суправаджэнні  хору беларускай моладзі.

Цэнтрам усяго флар'яноўскага  жыцця былі двое класікаў. Праца  земляроба карысталася вялікай  пашанай у творчасці Элізы  Ажэшкі і Уладзіслава Рэйманта. Яны  абодва лічылі, што чалавек да таго часу застаецца чалавекам, пакуль любіць зямлю, разумее і ўспрымае яе як карміцельку. Настроеныя на гэткі лад, усе госці  флар'яноўскага дому былі запрошаны  на свята дажынак...

Вяртанне ў Горадню  стала для пісьменніцы трагічным. Цяжка перажыла яна расстанне  з Флар'яновым, яе лісты прасякнуты горыччу, жалем, нават адчаем: «Цяпер адчуваю сябе слабой супраць тугі, болю і магу безнадзейна марнаваць  дарагія дні, напэўна нямногія». Прадчуванне не падманула - 18 траўня 1910 года Э.Ажэшкі не стала.

Нечаканасцю для царскай  цэнзуры быў выхад яе апошняй  кнігі «Gloria victis» (1910). Перайначыўшы лацінскае  выслоўе «Гора пераможаным» на «Слава пераможаным», яна стварыла дакументальны  помнік рэальным героям нацыянальна-вызваленчай  барацьбы беларускага і польскага  народаў.

У кнігу ўвайшло пяць навел: «Яны», «Афіцэр», «Гекуба», «Бог ведае хто» і «Gloria victis».

Першая навела «Яны»  прысвечана рамантыцы подзвігу і  барацьбе паўстанцаў - палескай эпапеі Р.Траўгута з дня сфармавання  атрада да моманту яго разгрому ў  Горацкіх лясах. Яна служыць экспазіцыяй  да далейшага то велічна-ўрачыстага, то вельмі ўсхваляванага апавядання.

Літаратурную крытыку  крыху бянтэжыла незвычайнасць, неадпаведнасць мастацкага жанру, калі ў навелістычную аснову раптам уключаюцца старонкі дзённіка або ўласны «паэтычны  рэпартаж». У гэтым «разбурэнні» навелістычнага жанру выявілася  мастацкая сіла, а не слабасць пісьменніцы. Захаваўшы набыткі, яна ўзбагаціла жанр наватарскімі знаходкамі, выкарыстаўшы прыклады аўтабіяграфічнай дакументалістыкі, дзе філасофія і падзеі эпохі  прапушчаны праз сэрца аўтара.

Расейскаму царызму  было мала тых здзекаў, што рабіліся Элізе Ажэшцы пры жыцці. Царызм пастараўся адпомсціць ёй нават пасля смерці. У снежні 1911 года ў Віленскай судовай  палаце пачаўся суд над яе кнігай пра герояў 1863 года. Кнігу выдаў  у Вільні накладам 3000 асобнікаў Вацлаў Макоўскі, таварыш пісьменніцы па сумеснай выдавецкай дзейнасці ў  канцы 70-х гадоў. Пакуль царская цэнзура  спахапілася, ужо было позна. Паводле  загаду Часовага камітэта па справах  друку кніга была канфіскавана, але  на паліцах кнігарняў заставалася  яшчэ 20 кніг. Яны былі імгненна раскуплены, што сведчыла аб поспеху «Gloria victis»  сярод чытачоў.

 

Выкарыстанная літаратура

 

  1. Гапава В. Каралева жывога слова (Эліза Ажэшка)// Э.Ажэшка. Выбранае. – “Беларускі кнігазбор”.  – Мінск. – 2000. – с.5-18.

 

  1. Інтэрнэт-часопіс “Прайдзісвет” - №10. – 2012.

http://www.prajdzisvet.org/authors/133.html

 


Информация о работе Эліза Ажэшка і Беларусь