Эліза Ажэшка і Беларусь

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 23 Мая 2013 в 01:12, реферат

Краткое описание

На адной з цэнтральных вуліц Горадні ўзвышаецца помнік нашай выдатнай пісьменніцы Элізе Ажэшцы. Зусім невыпадкова знайшла яна тут вечную прапіску. Усё жыццё «каралевы польскай прозы і пакутлівай праўды» (Францішак Багушэвіч) было звязана з гэтым старажытным беларускім горадам і яго блізкімі і далёкімі ваколіцамі.
На працягу стагоддзяў Горадню насялялі людзі розных нацыянальнасцяў і канфесій - беларусы, палякі, жыды, татары. Былі і расейцы, але пераважна настаўнікі, чыноўнікі, пачынаючы ад самога генерал-губернатара і заканчваючы паліцэйскім на скрыжаванні. У гэтым асяроддзі пісьменніца знаходзіла невычэрпную крыніцу сваёй творчасці, тут падгледжвала яна рэальныя сюжэты для апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Родная беларуская зямля шчодра дарыла ёй радасць і пакуты, суцяшала яе веліччу наднёманскай прыроды, а мужны і цярплівы народ вучыў яе непакоры.

Прикрепленные файлы: 1 файл

Элиза Ажэшка.docx

— 47.33 Кб (Скачать документ)

Настойліва штудыявала Э.Ажэшка і працы эўрапейскіх  філосафаў-пазітывістаў Фогта, Конта, Міля, цалкам успрыняўшы іх тэорыі эвалюцыйнага развіцця грамадства.

Адначасова Эліза Ажэшка пачынае пісаць. Пазней яна прыгадвае ў аўтабіяграфіі: «Я памятаю хвіліны, калі блакітнае світанне, падаючы на мой стол, рабіла святло лямпы падобным да святла грамнічнай свечкі і прымушала мяне ўзнімаць галаву ад спісанай паперы... Я ўскоквала, выбягала з дому, выпраўлялася на палоску лугу...»

Увесну 1866 года ў часопісе «Tygodnik ilustrowany» з'явілася яе першае друкаванае апавяданне «Малюнак з галодных гадоў», навеянае людвінаўскімі ўспамінамі пра голад беларускай прыгоннай  вёскі. Публіцыстычна завостранае, хоць трохі схематычнае, яно прымушала  задумацца над лёсам прыгоннага сялянства, а галоўнае - з'явілася  пачаткам вялікага мастацкага цыкла  пра беларусаў.

З гэтым творам Э.Ажэшка адразу і назаўсёды ўвайшла ў літаратуру, мастацкая творчасць стала клопатам яе жыцця, а літаратурны заробак - адзіным сродкам для існавання.

У далейшым Эліза Ажэшка пераходзіць да жанру сацыяльнага  рамана. Аднак яе творы канца 70-х, напісаныя ў духу «варшаўскага пазітывізму» (грамадска-літаратурная плынь з  заклікам да асветы народа, яднання  з ім дэмакратычнай шляхты), даволі расцягнутыя і трохі схематычныя («Цнатлівыя», «На правінцыі», «У клетцы»). У вобразах герояў - капіталістычных дзялкоў знайшлі адбітак ілюзіі маладой пісьменніцы наконт буржуазнага прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту. У хуткім часе рэчаіснасць адкінула гэтыя ідэалы. Яна пераглядае канцэпцыю «тэндэнцыйнага рамана», каб стаць мастаком выразна рэалістычнага кірунку.

Адбыліся змены і  ў асабістым жыцці пісьменніцы. Вымушаная ў 1869 годзе прадаць Мількаўшчыну, яна сустракае падтрымку з боку гарадзенскага адваката С.Нагорскага, пераязджае ў Горадню. Разам з ім яна прайшла свой далейшы шлях, хоць у вачах арыстакратычнай чэрні па-ранейшаму застаецца адзінокай «эмансіпанткай», бо ў Нагорскага хворая, прыкутая да ложка жонка, а сама Эліза носіць прозвішча пакінутага мужа і «складае раманы».

У іхніх адносінах да гэтай пары многа нявысветленага. Яраслаў Івашкевіч, адзначыўшы самотнасць пісьменніцы, заўважыў: «Нехта павінен быў бы заняцца найцяжэйшай у біяграфіі справай зацемненага стасунку: Ажэшка - Нагорскі». Акурат С.Нагорскі пазнаёміў пісьменніцу з Францішкам Багушэвічам, які стаў жаданым госцем у яе доме.

Большую цікавасць у  сённяшняга чытача выклікаюць раманы «Пампалінскія» і «Сям'я Брохвічаў», якія сатырычна адлюстравалі саслоўную фанабэрыю, эгаізм і маральны распад арыстакратычных колаў шляхты. Прынцыпы сатырычнага гратэску сведчаць аб добрым знаёмстве пісьменніцы з творчасцю М.Салтыкова-Шчадрына.

Адначасова Эліза Ажэшка становіцца на чале жаночага руху ў  Польшчы, змагаецца за свабоду і  раўнапраўе жанчын. У новых умовах станаўлення капіталізму жаночы рух - адна з цэнтральных праблем  ХІХ стагоддзя.

Агульнаэўрапейскую вядомасць  атрымаў раман «Марта» (1873), успрыняты  як палымяны пратэст супраць рабства  жанчыны ў капіталістычным свеце. Тагачаснае «шляхецкае выхаванне» з  абавязковай францушчынай, фартэп'яна  і свецкімі манерамі не рыхтавала  гераіню да самастойнага жыцця, не давала прафесійных навыкаў. Фінал трагічны - Марта гіне. Цалкам змяніць характар выхавання жанчыны, надаць ёй грамадзянскія  правы, адукаваць, падрыхтаваць да карыснай працы - вось сэнс мастацкіх і публіцыстычных твораў Элізы Ажэшкі.

З назіранняў над побытам вузкіх вулачак прадмесця ўзніклі творы пра жыццё жыдоўскай беднаты, сярод якіх асаблівым поспехам карыстаўся раман «Меір Эзаховіч» (1878).

Акурат на іх звярнуў  увагу М.Салтыкоў-Шчадрын, калі змясціў адно з апавяданняў Э.Ажэшкі «Самсон Магутны» ў рэвалюцыйна-дэмакратычным часопісе «Отечественные записки» (1880 г., No.12). Крыху пазней артыкулам «Июльское веяние» (1882) вялікі расейскі сатырык вітаў новыя гуманістычныя ідэалы ў літаратуры, звязаныя з яе імем.

Тагачаснай мастацкай  прозе пісьменніцы ўласцівы імкненне актыўна ўплываць на грамадскую свядомасць, рух да аднаўлення і дасканаласці. Пра гэта сведчыць серыя апавяданняў «З розных сфер». У іх адчуваецца выразны мастацкі стыль, пазбаўлены ранейшага маралізатарства і дыдактызму. Рэалістычныя замалёўкі прасякнуты спачуваннем да пакрыўджанай беднаты. «Я хацела ведаць, - піша Ажэшка, - як жыве, што думае і адчувае чалавек у маленькай хатцы з акенцам ля самай зямлі...»

Васьмідзесятыя гады - час найвялікшага ўздыму творчасці  пісьменніцы, калі яна стварае эпічны раман «Над Нёманам» і аповесці з жыцця беларускага народа. Без перабольшання можна сцвярджаць, што яны стаяць ля вытокаў тых мастацкіх адкрыццяў, якімі ўзбагацілася польская рэалістычная проза мінулага стагоддзя. У аповесцях «Нізіны», «Дзюрдзі», «Хам» і шэрагу апавяданняў Эліза Ажэшка данесла да шырокага чытача суровую праўду жыцця беларуса, стварыла яго псіхалагічна дакладны вобраз, даказала, якія пачаткі вялікага развіцця тояцца ў прыніжаным, але цярплівым і вынослівым беларускім народзе. «Беларускі цыкл» твораў адзначаны вострай сацыяльнасцю, паэтычнасцю і глыбокай чалавечнасцю. Сапраўды наватарскім было глыбокае даследаванне жыцця беларусаў, мастацкае пранікненне ў духоўны свет чалавека, якому суджана было заваяваць права грамадзянства ў літаратуры.

І тут пісьменніца не стаяла наводшыбе. Сваімі найбліжэйшымі папярэднікамі, праўдзівей, сваімі сучаснікамі, што належалі да старэйшага пакалення, Эліза Ажэшка называе паэта Уладзіслава Сыракомлю ды Ігната Крашэўскага.

Тагачасная польская крытыка  папракала Э.Ажэшку ў залішняй меладраматычнасці  і надуманасці канфліктаў. На самой  справе канфлікты і сюжэты чэрпала  Ажэшка не толькі з побыту навакольных  вёсак, але і непасрэдна з судовай  залы, якую часта наведвала і дзе  адвакатам па «мужыцкіх справах» быў С.Нагорскі. Сілай свайго таленту  яна здолела ўзняць шэраг крымінальных працэсаў і судовых спраў на ступень  сацыяльна-псіхалагічнага мастацкага даследавання. Пра свой намер звяртацца толькі да рэальных фактаў жыцця яна паведамляла аднаму са сваіх сяброў: «Я хацела перанесці на паперу жывую натуру, без усялякіх ружовых прыхарошванняў...»

Лёс гераіні аповесці «Нізіны» парабчанкі Хрысціны і яе двух сыноў, як і сям'і Ясюка, што жывуць «кутнікамі»  ў страшэннай галечы, абрабаваныя  панам, міраедам-старастам і рознымі  прайдзісветамі накшталт «адваката» Капроўскага - тыповая з'ява парэформеннай  вёскі, дзе змяшаліся рэшткі прыгону  з капіталістычнай пагоняй за грашыма і «ўладай зямлі». У размовах сялян, што сабраліся для судовага разбору з памешчыкам за сервітуты, чуюцца адгалоскі «Мужыцкай праўды» К.Каліноўскага. Паступова акрэсліваецца галоўная тэма як супярэчнасць эпохі - пратэст сялянства супраць рабскіх умоў жыцця. Цэлыя пласты беларускай гутарковай мовы, сакавітая народная лексіка, як і ўзоры вусна-паэтычнай творчасці, смела ўключае пісьменніца ў мастацкую тканіну аповесці. Яны надаюць беларускі нацыянальны каларыт падзеям і характарам. Так плачы-маналогі Хрысціны, якія ствараюць выключны па сіле малюнак душэўных перажыванняў, дапамагаюць раскрыць у ёй таленавітую натуру імправізатара. Яе лірычныя галашэнні-прычытанні адзначаны асаблівай сілай уздзеяння, мелодыя вясельнай беларускай песні ў вуснах парабчанкі гучыць як пахавальнае галашэнне над загубленым жыццём: «Бывала... сватоў праганяў... Не мяне дружкі на дзяжу саджалі, не мне спявалі: «Коні да цугу! Коні да цугу!» Не я зерне ў куты мужавай хаты сыпала, не мне свякроў дзяжой галаву накрывала...»

Асаблівы беларускі  каларыт аповесці быў узмоцнены  праз увядзенне ўстойлівых агульнанародных  беларускіх выразаў, па-народнаму афарыстычных параўнанняў, эпітэтаў, метафар накшталт: «Такая доля мая, як гэтая ночка...»

Прыкладна з 1870-х гадоў  пачалося захапленне пісьменніцы вусна-паэтычнай творчасцю беларусаў, яна сістэматычна запісвае і збірае фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Штогод праводзячы летні адпачынак у беларускіх вёсках Міневічы, Панямонне, Свіслач, Лунна, Эліза Ажэшка запісвала ад мясцовых кабетаў песні, казкі, прымаўкі, замовы, занатоўвала рэцэпты народнай медыцыны, складала спіс лекавых зёлак.

Лёс беларускіх сялянаў  не пакідаў хваляваць Элізу Ажэшку. Неўзабаве пасля «Нізін» яе творчыя  задумы засяродзіліся на палемічна  завостраным у тагачаснай польскай літаратуры пытанні аб гістарычнай  ролі народа (навелы М.Канапніцкай, гістарычная  трылогія Г.Сянкевіча, «Фарпост» Б.Пруса) і знайшлі адлюстраванне ў  аповесці «Дзюрдзі» (1885).

Глыбокім роздумам аб злачынстве і пакаранні ў сялянскім асяроддзі, іх сацыяльных перадумовах прасякнуты драматычныя старонкі твора. Э.Ажэшка ўслаўляе народ-працаўнік: «Земляробы, якім божыя ветры прыносяць свежасць і здароўе, гаспадары, якім уласная  зямля родзіць буйное калоссе... працаўнікі, абпаленае сонцам чало якіх па чысціні  і велічы можа зраўняцца толькі з  чалом, увенчаным лаўрамі...» Беларусь ажывае на старонках аповесці ў яркіх вобразах сялян, у жанрава-бытавых сцэнах, у малюнках прыроды.

Але чаму ж у гэтым  асяроддзі становяцца злачынцамі, нават  як след не асэнсаваўшы гэтага? Аповесць пачынаецца пралогам-судом і заканчваецца эпілогам-судом: у ярка асветленай судовай зале з ценю бакавых дзвярэй узнікаюць шэрыя постаці абвінавачаных - чацвёра сялян па прозвішчы Дзюрдзі, што забілі «вядзьмарку». Забойства такое павінна быць апраўданым - так лічыць вёска. Па сутнасці, адбываецца суд над сялянствам, што нясе з мінуўшчыны ўвесь цяжар забабонаў, цемрашальства. Ахоўнікі закону не жадаюць зразумець сутнасць народнай драмы, адчуць таямніцы народнага жыцця. Прыгон, цяжкая праца, частыя галадоўкі нараджалі фаталістычную веру сялянства ў лёс, у «нячыстую сілу», у «чарадзейства» - у сялянскай свядомасці захаваліся перажыткі анімастычных уяўленняў пра сілы прыроды.

Таму забойства разумнай, вясёлай Пятрусі не выклікае ў сялянаў абурэння. Гэта яна, паводле ўяўлення вяскоўцаў, звязана з «нячыстай сілай», гэта яна, вяртаючыся дамоў з песняй і бярэмам пахучых траў і зёлак, прыйшла на заклінанне да вогнішча, распаленага з асінавых дроў...

Усе клопаты, грамадскія, гандлёвыя, асабістыя вёска вырашае  ў карчме - тут п'юць барыш за прададзеную жывёлу, ад роспачы і  гора прапіваюць беднякі апошні грош. Сацыяльныя кантрасты выяўляюцца ў  карчме з гранічнай завостранасцю. Так развязка аповесці падрыхтавана ўсім развіццём сюжэта. Атлумленыя гарэлкай Дзюрдзі знайшлі першакрыніцу свайго ліха ў Пятрусі, якая сустрэлася ім на зімовай дарозе.

Пятруся - адзін з самых прывабных жаночых вобразаў з народа ў тагачаснай літаратуры. Ствараючы яго, пісьменніца выкарыстала беларускую вусна-паэтычную творчасць - лірычную песню, баладу «Маці сына ціха навучае», казкі, прымаўкі.

Паказваючы цемру, невуцтва, прымхі і забабоны, абумоўленыя гістарычным  развіццём беларускай вёскі, пісьменніца разгледзела творчыя сілы народа, яго розум і дабрыню, «звонкай крыніцай» назвала Пятрусіны песні.

Сваю палеміку з пэўнымі  польскімі коламі аб высокім прызначэнні чалавека Эліза Ажэшка завяршыла аповесцю «Хам». Сама яе назва - гэта востры сатырычны выпад супраць саслоўнай фанабэрыі шляхецкіх вярхоў, якія зняважліва называлі просты народ «быдлам», «хамамі», людзьмі ніжэйшага гатунку. Назвай свайго твора пісьменніца як бы нагадала іранічную рэпліку героя паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш» Гервазія адносна шляхецкага эгаізму: «Хоць пачаліся людзі ўсе з Адама, сяляне, чуў, свой род вядуць ад Хама...»

Поспех аповесці ў чытача быў абумоўлены гуманістычнай ідэяй - паказаць непаўторную вартасць чалавечай  асобы, сцвердзіць героем жыцця простага чалавека з народа, выявіць яго  гуманістычную сутнасць - розум, працавітасць, сумленнасць, высокае пачуццё чалавечай  годнасці.

Гарачыя сімпатыі пісьменніцы  да простага народу вызначылі выбар  героя Э.Ажэшкі. Павел Кабыцкі - нёманскі рыбак, надзвычай моцная і духоўна  цэласная натура, улюбёны ў водны  прастор і свабоду. Талстоўскія  пошукі ідэі ўдасканалення чалавека і свету пакінулі моцны адбітак  на аповесці пісьменніцы. Аднак не толькі імкненне ідэалізаваць героя, вызваліць  яго ад «улады зямлі», а значыць, і ад сацыяльных канфліктаў, прымусіла  вырваць Паўла са сферы сацыяльнай. Як і дзесяткі тысяч беларускіх сялян, ён застаўся без зямлі пасля зямельнай  рэформы. Яго ўладанні - хата і човен  з сеткамі, а знітаванасць з прыродай апраўдана і псіхалагічна, і сацыяльна: «Неба - мая хата, а рака - жонка». Тут ён захаваў высокія этычныя  прынцыпы, застаўся філосафам-самавучкай, каб думаць аб «пакутах свету»...

Яго суправаджаюць жыццёвыя няўдачы - жаніцьба з гарадской пакаёўкай, якая праз нейкі час кідае «хама» і пераходзіць да лёкая. Аднак  галеча прымушае зноў вярнуцца да Паўла, затым жанчына спакушае сваяка, робіць спробу атруціць мужа, калі ж ён усё  даруе, узрушаная яго звышчалавечай  дабрынёй і ўласнай злачыннасцю, ідзе на самагубства.

Што гэта, дэтэктыўная  займальнасць? Пісьменніца ніколі не была прыхільніцай таннай белетрыстыкі, хоць у мастацкім адборы жыццёвых з'яў у аповесці - не распаўсюджанасць факта, а незвычайнасць, часам нават  выключнасць. Такі спосаб тыпізацыі  ў шэрагу выпадкаў прыводзіць яе як мастака да рамантычнай трактоўкі, пэўнай ідэалізацыі ў паказе героя. «Драмай незвычайнай сілы» назвала  аповесць «Хам» Марыя Канапніцкая, бо якраз тут адбываецца выпрабаванне на чалавечнасць. Прататып Франкі давялося паэтцы пабачыць у рэальных, хоць і  выключных умовах (у акне вар'яцкага дома).

Не толькі пачуццё кахання  кіруе Паўлам, калі ён звязвае свой лёс з Франкай, якую лёкайства  ў паноў, прастытуцыя пазбавілі  асноў чалавечай маралі. Ён спадзяецца выратаваць чалавека, вывесці на дарогу сумленнага жыцця. У цэльнай натуры Паўла ёсць тое, што дазваляе яму  стаць носьбітам супраціўлення  злу, маецца сваё ўласнае разуменне  таго, што свет трэба будаваць на высокім маральным грунце. «Калі  чалавеку на гэтым свеце кепска, то і сам ён кепскі, а калі добра, то і ён добры», - кажа Павел. Цягай  народа да ведаў, да асветы прасякнуты вобраз рыбака, яго прыгнятае непісьменнасць, ён просіць Франку паказаць яму літары па малітоўніку.

Информация о работе Эліза Ажэшка і Беларусь